ПАРАГЕНЕ́ЗІС МІНЕРА́ЛАЎ,

заканамернае сумеснае размяшчэнне ў зямной кары мінералаў, звязаных агульнымі ўмовамі ўтварэння (магматычны расплаў, гідратэрмальная сістэма, басейн седыментацыі і інш.). Вызначальнымі фактарамі П.м. з’яўляюцца хімізм асяроддзя, гісторыя яго геал. развіцця і тэрмадынамічныя ўмовы мінералаўтварэння. Вылучаюць тыповы П.м. (напр., сумеснае размяшчэнне мускавіту, турмаліну, берылу ў гранітных пегматытах) і нетыповы (алівін і кварц у вывергнутых пародах). З П.м. цесна звязаны парагенезіс элементаў (напр., хром Cr, нікель Ni, плаціна Pt звязаны з асноўнымі горнымі пародамі). Вывучэнне П.м. мае вял. значэнне пры пошуках і ацэнцы радовішчаў карысных выкапняў.

Я.​І.​Аношка.

т. 12, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)